Боль і чаканьне Марыны Адамовіч — жонкі палітзняволенага Мікалая Статкевіча
Апошнія два гады Марына Адамовіч ня мела вестак пра свайго мужа, зьняволенага беларускага апазыцыянэра Міколу Статкевіча. Інтэрвію ў яе ў Менску ўзяло агенцтва France-Presse.
![](/uploads/2025/02/maryna-12-1.jpg)
— Відавочна, некаторыя людзі лічаць яго небясьпечным ворагам, — сказала яна, размаўляючы з карэспандэнтам агенцтва AFP (пераклад Радыё Свабода) у Менску, дзе яна засталася, нягледзячы на пагрозу рэпрэсій.
68-гадовы Мікола Статкевіч — даўні апанэнт аўтарытарнага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларусьсю больш за тры дзесяцігодзьдзі. 63-гадовая Адамовіч кажа, што яе муж адседзеў у турме «больш за 11 з паловай гадоў» з моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе.
У сьнежні 2021 году Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў змове з мэтай арганізацыі масавых беспарадкаў. Праваабарончыя групы лічаць гэта чарговай расплатай за гады апазыцыі Лукашэнку.
Яго адправілі ў папраўчую калёнію № 13, турму строгага рэжыму, дзе ўтрымліваюць рэцыдывістаў, якія лічацца небясьпечнымі, а таксама зьняволеных, першапачаткова асуджаных на сьмяротнае пакараньне, якім потым зьмянілі кару на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Адамовіч гаворыць, што ягоная камэра там мае памеры «мэтар на тры мэтры», у якасьці ложка — мэталічная дошка. Ёсьць пацукі, а на шпацыр зьняволеным даюць толькі паўгадзіны на дзень.
Спачатку яна атрымлівала ад яго лісты два разы на тыдзень. Але празь некалькі тыдняў пасьля шпіталізацыі з пнэўманіяй уся сувязь абарвалася. Апошні раз яна нешта атрымлівала два гады таму — 9 лютага 2023 году.
— З таго часу я нічога ня чула, — сказала Адамовіч.
![](/uploads/2025/02/maryna-12-2.jpg)
Чаканьне асабліва балючае для Марыны Адамовіч, бо многія сябры і сваякі сужэнцаў уцяклі за мяжу пасьля рэпрэсій у 2020 годзе. Яе саму некалькі разоў затрымлівалі.
Яна гаворыць, што ў гэтыя дні можа заснуць толькі каля 5-й раніцы — час пад’ёму ў турме.
— Я кажу яму «прывітаньне» і толькі тады кладуся спаць, — сказала яна.
— Я веру ў яго, я веру, што ён будзе трымацца, — сказала яна, выказаўшы надзею на «цудоўную будучыню» для іх як пары і для краіны агулам.
Калі Статкевіч апошні раз выходзіў на волю ў 2015 годзе, Марына Адмовіч сказала, што амаль пяці гадоў разлукі як быццам не было.
— Спадзяюся, што так і будзе, — са сьлязьмі на вачах сказала яна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное